Monday, 14/10/2024 - 13:31

— Жахлiвае здарэнне! — сказала курыца, якая жыла зусiм у iншым краi горада, а не там, дзе здарыўся выпадак. — Жахлiвае здарэнне ў куратнiку! Я проста баюся цяпер начаваць адна! Добра, што нас шмат на седале!

I яна ўзялася расказваць, ды так, што ва ўсiх курэй пер’е паднялося дыбам, а ў пеўня скурчыўся грэбень.

Сонца садзiлася, i ўсе куры былi ўжо на седале. Адна з iх, белая каратканожка, курыца ва ўсiх адносiнах прыстойная i паважаная, якая спраўна несла яек столькi, колькi трэба, сеўшы зручней, пачала перад сном чысцiцца i распрамляць дзюбаю пер’е. I вось адна маленькая пярынка вылецела i ўпала на дол.

— Бач, як паляцела! — сказала курыца. — Але нiчога, чым лепш я прыбiраюся, тым болей прыгажэю!

Гэта яна сказала проста так, жартам, — курыца ўвогуле была вясёлая па характары, але гэта нiяк не замiнала ёй быць, як мы ўжо казалi, вельмi i вельмi паважанай курыцаю. Неўзабаве яна заснула.

У куратнiку было цёмна. Куры ўсе сядзелi поплеч, i тая, што была збоку з гэтай прыстойнай курыцаю, не спала яшчэ: яна не тое каб наўмысна падслухоўвала суседчыныя шэпты, але ўсё ж крыху чула iх, — бо так i трэба, калi хочаш мiрна жыць з суседзямi. I вось яна не выцерпела i прашаптала другой сваёй суседцы:

— Чула? Я не хачу называць iмён, але тут ёсць курыца, якая можа вырваць на сабе ўсё пер’е, каб толькi быць прыгажэйшай. Каб была я пеўнем, дык пагарджала б ёю!

Якраз над курамi сядзела ў гняздзе сава з мужам i дзеткамi; совы маюць востры слых, i яны пачулi ўсё, што тут гаварылi. Усе яны пры гэтым жвавей пакручвалi вачыма, а савiха махала крыллем, нiбы веерамi.

— Тс-с! Не слухайце, дзеткi! Зрэшты, вы, канечне, ужо чулi? Я таксама. Ах! Проста вушы вянуць. Адна курыца да таго дайшла, што пачала вырываць на сабе пер’е перад самымi вачыма пеўня!

— Рrеnez gаrde аuх еnfаnts!* — сказаў сава-бацька. — Дзецям зусiм не варта чуць такое!

* Цiшэй, тут дзецi! (фр.)

— Трэба будзе расказаць пра гэта нашай суседцы, яна такая мiлая асоба!

I савiха паляцела да суседкi.

— У-гу, у-гу! — загукалi пасля абедзве савы над недалёкай галубятняй. — Вы чулi? Вы чулi? У-гу! Адна курыца выскубла з сябе ўсё пер’е дзеля пеўня! Яна замерзне, замерзне насмерць! Калi ўжо не акачанела! У-гу!

— Вур-вур! Дзе? Дзе? — вуркаталi галубы.

— На суседняй сядзiбе! Гэта амаль на маiх вачах было! Проста непрыстойна i гаварыць пра гэта, але ўсё тут шчырая праўда!

— Верым, верым! — сказалi галубы i завуркаталi курам, якiя сядзелi знiзу:

— Вур-вур! Адна курыца, кажуць, нават дзве курыцы выскублi з сябе ўсё пер’е, каб спадабацца пеўню! Небяспечная задума! Можна ж прастудзiцца i памерцi, ды яны памерлi ўжо!

— Кукарэку! — заспяваў певень, узлятаючы на плот. — Прачнiцеся! — У яго самога вочы яшчэ зусiм злiпалiся спрасоння, а ён ужо крычаў: — Тры курыцы загiнулi ад няшчаснага кахання да пеўня! Яны выскублi на сабе ўсё пер’е! Такая вось непрыстойная гiсторыя! Не хачу маўчаць пра яе! Няхай разыдзецца гэта па ўсiм свеце!

— Няхай, няхай! — запiшчалi кажаны, закудахкалi куры, загарланiлi пеўнi. Няхай, няхай!

I гiсторыя паняслася — з двара ў двор, з куратнiка ў куратнiк i дайшла нарэшце да таго месца, адкуль пачалася.

— Пяць курыц, — гаварылi тут, — выскублi з сябе ўсё пер’е, каб паказаць, хто з iх болей схуднеў ад любовi да пеўня! Пасля яны задзяўблi адна адну насмерць, на сорам i ганьбу ўсяму свайму роду i на страту сваiм гаспадарам!

Курыца, якая згубiла адну пярынку, канечне, не ўведала, што гэтая гiсторыя пачалася з яе, i, як курыца ва ўсiх адносiнах паважная, сказала:

— Я пагарджаю такiмi курамi! Але такiх нямала! Пра такiя рэчы, аднак, нельга маўчаць! I я, са свайго боку, зраблю ўсё, каб гэтая гiсторыя трапiла ў газеты! Няхай разыдзецца па ўсiм свеце — гэтыя куры i ўвесь iхнi род вартыя такога!

I ў газетах сапраўды змясцiлi ўсю гiсторыю, i гэта шчырая праўда: адной маленькай пярынцы зусiм не цяжка пераўтварыцца ажно ў пяць курыц!



Leave a Reply

Your email address will not be published. Required fields are marked *