Жыла-была цыравальная iголка; яна лiчыла сябе такой тонкай, што ўявiла, быццам яна швейная iголка.
— Глядзiце, глядзiце, што вы трымаеце! — сказала яна пальцам, калi яны вымалi яе. — Не выпусцiце мяне! Упаду на падлогу — чаго добрага, згублюся: я занадта тонкая!
— Быццам бы! — адказалi пальцы i моцна схапiлi яе за талiю.
— Вось бачыце, я iду з цэлай свiтай! — сказала цыравальная iголка i пацягнула за сабою доўгую нiтку, толькi без вузельчыка.
Пальцы ўторкнулi iголку проста ў кухарчыну пантофлю, — скура на пантофлi трэснула, i трэба было зашыць дзiрку.
— Фу, якая чорная работа! — сказала цыравальная iголка, — я не вытрымаю! Я зламлюся!
I сапраўды зламалася.
— Ну вось, я ж казала, — прамовiла яна, — я занадта тонкая!
«Цяпер яна нi на што не годная», — падумалi пальцы, але iм ўсё-такi давялося моцна трымаць яе: кухарка накапала на зламаны канец iголкi сургуч i потым закалола ёй хустку.
— Вось цяпер я — брошка! — сказала цыравальная iголка. — Я ведала, што буду карыстацца павагай: у кiм ёсць толк, з таго заўсёды выйдзе нешта вартае.
I яна засмяялася сама сабе, — бо нiхто ж не бачыў, каб цыравальныя iголкi смяялiся ўголас, — яна сядзела ў хустцы, нiбы ў карэце i аглядалася па баках.
— Дазвольце спытацца, вы з золата? — звярнулася яна да суседкi-шпiлькi. Вы вельмi сiмпатычная, i ў вас уласная галоўка… Толькi маленькая! Пастарайцеся яе адгадаваць, — не кожнаму ж дастаецца сургучная галоўка!
Пры гэтым цыравальная iголка так фанабэрыста выпрасталася, што вылецела з хусткi проста ў ракавiну, куды кухарка якраз вылiвала памыi.
— Выпраўляюся ў плаванне! — сказала цыравальная iголка. — Толькi б не згубiцца!
Але яна згубiлася.
— Я занадта тонкая, я не створана для гэтага свету! — сказала яна, лежачы ў вулiчнай канаве. — Але я ведаю сабе кошт, а гэта заўсёды прыемна.
I цыравальная iголка цягнулася ў струнку, не трацячы добрага настрою.
Над ёю праплывала ўсялякая ўсялячына: трэскi, саломiнкi, кавалкi газетнай паперы…
— Бач, як плывуць! — казала цыравальная iголка. — Яны i ў розум не возьмуць тое, хто хаваецца тут пад iмi. — Гэта я тут хаваюся! Я тут сяджу! Вунь плыве трэска: у яе толькi i думак, што аб трэсках. Ну, трэскай яна век i застанецца! Вось саломiнку нясе… А круцiцца, круцiцца як! Не задзiрай так носу! Глядзi, каб не наскочыць на камень! А вунь газетны абрывак плыве. Даўно ўжо забыцца паспелi, што на iм надрукавана, а ён бач як разгарнуўся!.. Я ляжу цiха, смiрна. Я ведаю сабе кошт, i гэтага ў мяне не адбяруць!
Аднойчы каля яе нешта заблiшчэла, i цыравальная iголка ўявiла, што гэта брыльянт. Гэта быў бутэлечны асколак, але ён зiхацеў, i цыравальная iголка загаварыла з iм. Яна назвала сябе брошкай i спыталася ў яго:
— Вы, мусiбыць, брыльянт?
— Так, нешта накшталт гэтага.
I абое думалi адно пра другое i пра самiх сябе, што яны сапраўднай каштоўнасцi, i гутарылi мiж сабой аб недасведчанасцi i фанабэрыстасцi свету.
— Так, я жыла ў каробцы ў адной дзяўчыны, — распавядала цыравальная iголка. — Дзяўчына гэтая была кухаркай. У яе на кожнай руцэ было па пяць пальцаў. I вы ўявiць сабе не можаце, да чаго даходзiла iх напышлiвасць! А занятак жа ў iх быў толькi адзiн — вымаць мяне i класцi назад у каробку!
— А яны блiшчэлi? — спытаўся бутэлечны асколак.
— Блiшчэлi? — адказала цыравальная iголка. — Не, бляску ў iх не было, затое колькi гонару!.. Iх было пяць братоў, усе — уроджаныя «пальцы»; яны заўсёды стаялi ў рад, хоць i былi рознай велiчынi. Крайнi — Таўстун, — мiж iншым, адстояў ад iншых, ён быў тоўсты карантыш, i спiна ў яго гнулася толькi ў адным месцы, таму ён мог кланяцца толькi раз; затое ён казаў, што калi яго адсякуць, дык чалавек не прыдатны болей для вайсковай службы. Другi — Ласунок — тыцкаў свой нос усюды: i ў салодкае i ў кiслае, тыцкаў i ў сонца i ў месяц; ён жа нацiскаў на пяро, калi трэба было пiсаць. Наступны — Цыбаты — глядзеў на ўсiх звысоку. Чацверты — Залатаперст — насiў вакол поясу залаты пярсцёнак. I, нарэшце, самы маленькi — Пер-музыка нiчога не рабiў i вельмi гэтым ганарыўся. Так, яны толькi i ведалi, што выхваляцца, i вось — я кiнулася ў ракавiну.
— А цяпер мы сядзiм ды блiшчам! — сказаў бутэлечны асколак.
У гэты час вады ў канаве прыбыло, i яна хлынула цераз край i знесла з сабой асколак.
— Ён прасунуўся! — уздыхнула цыравальная iголка. — А я засталася ляжаць! Я занадта тонкая, занадта далiкатная, але я ганаруся гэтым, i гэта высакародны гонар!
Яна ляжала, выцягнуўшыся ў струнку, i перадумала шмат думак.
— Я проста гатовая думаць, што нарадзiлася ад сонечнага промня, — такая я тонкая! Праўда, здаецца, быццам сонца шукае мяне пад вадой! Ах, я такая тонкая, што нават бацька мой сонца не можа мяне знайсцi! Не абламалася б тады маё вочка*, я б, здаецца, заплакала! Хаця, не, плакаць непрыстойна!
* Iгольнае вушка па-дацку называецца iгольным вочкам.
Аднойчы прыйшлi вулiчныя хлапчукi i пачалi корпацца ў канаўцы, вышукваючы старыя цвiкi, манеткi ды iншыя скарбы. Перапэцкалiся яны страшэнна, але гэта прыносiла iм задавальненне!
— Ай! — закрычаў раптам адзiн з iх; ён накалоўся аб цыравальную iголку. Глядзi, якая штуковiна!
— Я не штуковiна, а паненка! — заявiла цыравальная iголка, але яе нiхто не пачуў. Сургуч з яе сышоў, i яна ўся пачарнела, але ў чорным заўсёды выглядаеш больш стрункай, i iголка ўяўляла, што стала яшчэ танчэй за ранейшае.
— Вунь плыве яечная шкарлупiна! — закрычалi хлапчукi, узялi цыравальную iголку ды ўваткнулi ў шкарлупiну.
— Чорнае на белым фоне вельмi прыгожа! — сказала цыравальная iголка. Цяпер мяне добра вiдаць! Толькi б не захварэць на марскую хваробу, гэтага я не вытрымаю: я такая далiкатная!
Але яна не захварэла на марскую хваробу — вытрымала.
— Супроць марской хваробы добра мець стальны страўнiк, i заўсёды трэба памятаць, што ты не тое што звычайныя смяротныя! Цяпер я зусiм ачуняла. Чым ты больш высакародны, тым больш можаш перанесцi!
— Крэк! — сказала яечная шкарлупiна: яе пераехалi ламавыя калёсы.
— Вух, як цiсне! — заенчыла цыравальная iголка. — Зараз мяне званiтуе! Не вытрымаю! Зламлюся!
Але яна вытрымала, хаця яе i пераехалi ламавыя калёсы; яна ляжала на бруку, выцягнуўшыся ва ўсю даўжыню, — ну i няхай сабе ляжыць!