Monday, 14/10/2024 - 13:17

У купца-багацея ладзiўся дзiцячы вечар; былi запрошаны ўсе дзецi багатых i знакамiтых бацькоў. Справы ў купца iшлi добра, а сам ён быў чалавекам адукаваным, у свой час нават гiмназiю закончыў. Гэтага дабiўся яго шаноўны бацька, якi напачатку быў звычайным прасалам, але сумленным i працавiтым чалавекам i здолеў сабраць сабе сякi-такi капiтал, а сын яго прымножыў. Купец быў разумным i добрым чалавекам, хоць людзi пра гэтыя якасцi згадвалi не так часта, як пра яго багацце.

Ён быў знаёмы, як кажуць, i з арыстакратамi крывi, i з арыстакратамi розуму, а таксама з арыстакратамi крывi i розуму адначасова, i, нарэшце, з тымi, якiя не маглi пахвалiцца нi першым, нi другiм арыстакратызмам.

Такiм чынам, у ягоных пакоях сабралася вялiкая грамада, але выключна дзiцячая, дзецi балбаталi без супынку; як вядома, у iх што ў галаве, тое i на языку. Сярод дзяцей была адна прыгожанькая маленькая дзяўчынка, толькi страшэнна фанабэрыстая. Фанабэрыю ў яе не ўбiлi, а «ўцалавалi», i не бацькi, а слугi — бацькi для гэтага былi занадта разумныя. Бацька малечы быў камер-юнкерам, i яна ведала, што гэта штосьцi «страшна важнае».

— Я камер-юнкерская дачка! — сказала яна.

Мiж тым з гэткiм жа поспехам яна магла быць i дачкой крамнiка — бо i першае i другое аднолькава не залежыць ад самога чалавека. I вось яна расказвала iншым дзецям, што ў яе цячэ «сапраўдная кроў», а хто яе не мае, з таго нiчога i не атрымаецца. Чытай, старайся, вучыся колькi хочаш, але калi ў цябе няма сапраўднай крывi, толку не будзе.

— А ў тых, чыё iмя канчаецца на «сен», — дадала яна, — i зусiм нiколi нiчога талковага не атрымаецца. Трэба ўперцi рукi ў бокi i трымацца далей ад усiх гэтых «сен, сен»!

I яна ўперлася чароўнымi ручкамi ў бакi i выставiла вострыя локцiкi, каб паказаць, як трэба трымацца. Цудоўныя ў яе былi ручкi, ды i сама яна была надзвычай мiленькая!

Але дачка купца пакрыўдзiлася: прозвiшча яе бацькi было Мадсен, а яна разумела, што гэтае прозвiшча таксама канчаецца на «сен». Тады яна годна ўзняла галоўку i сказала:

— Затое мой тата можа купiць ледзянцоў ажно на сто рыксдалераў i раскiдаць iх сярод людзей! А твой можа?

— А мой тата, — сказала дачка пiсьменнiка, — можа i твайго тату, i твайго, i ўсiх татаў на свеце выставiць у газеце! Яго ўсе баяцца, а мама гаворыць: гэта ён гаспадар у газеце!

I дзяўчынка ганарлiва ўскiнула галаву — ну проста вылiтая прынцэса крывi!

А за прычыненымi дзвярамi стаяў бедны хлопчык i пазiраў на дзяцей праз шчылiну; хлапчанё не магло зайсцi ў пакой: дзе тут гэткаму бедняку раўняцца на багатых i знакамiтых дзяцей! Ён дапамагаў на кухнi кухарцы, i зараз яму дазволiлi зiрнуць праз шчылiну на прыбраных i вясёлых дзяцей, i ўжо гэта было для яго вялiкiм шчасцем.

«Вось каб я быў на iхнiм месцы!» — мроiлася яму. Раптам ён пачуў гаману дзяўчынак, ад яе можна было ўпасцi духам. Бо ў ягоных бацькоў не было i капейкi ў капiлцы; у iх не было нават сродкаў, каб выпiсаць газету, а не тое, што выдаваць яе самiм. Але горш за ўсё, што прозвiшча яго бацькi, а значыць, i яго ўласнае, канчалася на «сен»! З яго нiколi не атрымаецца нiчога талковага! Вось у чым бяда! Але яму здавалася, што кроў у яго была самая сапраўдная; бо iнакш i быць не магло.

Дык вось што адбылося ў той вечар!

Мiнула шмат гадоў, дзецi сталi дарослымi. У тым жа горадзе стаяў цудоўны дом, поўны багацця. Усiм хацелася пабываць там; дзеля гэтага прыязджалi нават з iншых гарадоў. Дык хто ж з тых дзяцей, пра якiх нам расказалi, мог назваць гэты дом сваiм? Гэта лёгка адгадаць? Не вельмi! Дом належаў таму беднаму хлапчаняцi, якое сцiпла стаяла тады за дзвярамi. З яго ўсё ж нешта атрымалася, хоць i прозвiшча яго канчалася на «сен» — Тарвальдсен.

А тыя тры дзяўчынкi? Дзецi кроўнай, грашовай i разумовай знацi, што з iх атрымалася? Так, усе яны былi дзецi як дзецi, усе адно аднаго вартыя! I з iх атрымалiся прыстойныя людзi; запачаткаваннi ў iх былi добрыя. А iхнiя развагi i размовы ў той вечар былi пустой дзiцячай балбатнёй!



Leave a Reply

Your email address will not be published. Required fields are marked *